ЗОАГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, заалагічныя карты,
карты, якія адлюстроўваюць геагр. заканамернасці размяшчэння жывёл. Падзяляюцца на агульныя і спецыяльныя. На агульных картах паказваюць: тыпы насялення розных груп жывёл (сістэматычных — млекакормячых, птушак і інш.; групы, якія ўтвараюць ланцугі жыўлення і падтрымліваюць цыркуляцыю прыродна-ачаговых хвароб), фауністычныя комплексы, тыпы біяцэнозаў і інш. На спецыяльных картах паказваюць арэалы (асобін, папуляцый, відаў, і інш.) і іх змены ў часе; колькасць жывёльнага насельніцтва і яго дынаміку; міграцыю жывёл; феналагічныя з’явы, промыслы і інш. У кожнай групе вылучаюцца карты размяшчэння картаграфічнага аб’екта і карты раянавання тэр. па гэтых адзнаках.
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)